У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрылася выстаўка «Навагрудак праз стагоддзі»

У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна 15 сакавіка адкрылася выстаўка «Навагрудак праз стагоддзі», прымеркаваная да Года гістарычнай памяці.

Ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел намеснік старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Каралько, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандра Гарачова, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Маленства край, ты з намі да сканання, чысты, святы, як першае каханне, – так пісаў пра наш любімы горад Адам Міцкевіч, наш зямляк, які вельмі любіў Навагрудчыну, – звярнулася да прысутных Святлана Мікалаеўна. – Сёння знакавы дзень не толькі ў гісторыі нашага краю, але і ўсёй краіны. Мы адзначаем Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 27 лютага грамадзяне нашай краіны прынялі змяненні і дапаўненні, якія ўнесены ў Асноўны Закон нашай дзяржавы. Мы з вамі зрабілі выбар на карысць новага жыцця, светлага будучага для нас і нашых нашчадкаў. У мінулым годзе ў тэрытарыяльным цэнтры быў адкрыты музейны пакой «Жаночая слава Навагрудчыны», а сёлета адкрываецца выстаўка  «Навагрудак праз стагоддзі», прымеркаваная да Года гістарычнай памяці. Мы павінны памятаць свае карані, сваю гісторыю. Як вядома, без мінулага няма сучаснасці і будучыні. Віншую ўсіх са святам!

Выстаўка «Навагрудак праз стагоддзі» прадстаўлена трыма тэматычнымі экспазіцыямі «Ад вытокаў», «Навагрудак падчас ваеннага ліхалецця і аднаўленне народнай гаспадаркі» і «Гісторыя Навагрудка ў асобах». Кожная з экспазіцый знаёміць з пэўным этапам станаўлення Навагрудка, расказвае аб людзях, якія ўнеслі свой уклад у развіццё горада і раёна. З Навагрудкам звязаны імёны цэлай плеяды знакамітых асоб, якія вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Сярод іх першы князь ВКЛ – Міндоўг, канцлер Іяхім Храптовіч, паэты Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Віцэнт Каратынскі, мастакі Язэп Драздовіч, Мікалай Дучыц, фатографы Ян Булгак, Сава Сіўко, Ян Комар, кампазітар Мікалай Набокаў, навукоўцы Ігнат Дамейка, Леанід Барысаглебскі, Міхаіл Касцюк, Мікалай Нікалаеў, парфумер Сафія  Гройсман.

Выстаўка будзе працаваць на працягу года, папаўняцца новымі экспанатамі.

Вольга Пісар, «НЖ»

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.

ВЫБОР ЯЗЫКА САЙТА »